ФАКТ ЮРЫДЫ́ЧНЫ,

прадугледжаная ў законе акалічнасць, якая складае падставу для ўзнікнення (змянення, спынення) канкрэтных праваадносін. Ф.ю. падзяляюцца на падзеі і дзеянні. Падзеі — юрыдычна значныя факты, што ўзнікаюць незалежна ад волі людзей (натуральная смерць чалавека, сканчэнне тэрміну, гібель маёмасці ў выніку стыхійнага бедства і г.д.). Дзеянні — жыццёвыя факты, якія з’яўляюцца волевыяўленнем (г. зн. вынікам свядомай дзейнасці) людзей. Дзеянні падзяляюцца на правамерныя (адпаведныя прадпісанням прававых норм) і неправамерныя (супярэчаць закону, з’яўляюцца правапарушэннямі). Неправамерныя дзеянні падзяляюцца на злачынствы і правапарушэнні. Ф.ю. можа быць падставай для ўзнікнення адразу некалькіх праваадносін. Так, факт смерці чалавека спыняе працоўныя і шлюбна-сямейныя адносіны і ў той жа час стварае права на спадчыну маёмасці, змяняе жыллёвыя адносіны і да т.п.

Ю.​Я.​Савельеў.

т. 16, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)